ФРАНЦУ́ЗСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1789—99,
найбуйнейшы сацыяльны пераварот у Францыі, які нанёс рашаючы ўдар па феад.-абсалютысцкім ладзе і стварыў умовы для свабоднага развіцця капіталіст. грамадства. Прычынамі ўзнікнення ў Францыі канца 1780-х г. рэвалюцыйнай сітуацыі былі: абвастрэнне супярэчнасцей паміж трэцім саслоўем (буржуазія, сяляне, рабочыя і інш.) і пануючымі саслоўямі (дваранствам, духавенствам); фін. банкруцтва дзяржавы, гандл.-прамысл. крызіс; шэраг неўраджайных гадоў, збядненне асн. масы насельніцтва. Каб знайсці выхад са становішча, кароль Людовік XVI 5.5.1789 склікаў Генеральныя штаты, у якіх дэпутаты ад 3-га саслоўя абвясцілі сябе 17 чэрв. Нац. сходам, а 9 ліп. — Устаноўчым сходам (гл. Устаноўчы сход 1789—91). Падрыхтоўка каралеўскага двара да разгону сходу і звальненне папулярнага ген. кантралёра Ж.Некера выклікалі паўстанне парыжан. Паўстанцы стварылі Нацыянальную гвардыю і 14.7.1789 штурмам узялі сімвал абсалютызму — крэпасць-турму Бастылію. Гэтыя падзеі лічацца пачаткам рэвалюцыі. Кароль вымушаны быў прызнаць Устаноўчы сход. Усталявалася ўлада буйной буржуазіі і ліберальнага дваранства (лідэры — А.Г.Мірабо, М.Ж.Лафает і інш.). Сярод узніклых шматлікіх т-ваў і клубаў, найб. уплывовым быў Якабінскі клуб. Устаноўчы сход у жн. 1789 скасаваў саслоўныя перавагі, прывілеі і найб. адыёзныя правы феадалаў, прыняў Дэкларацыю правоў чалавека і грамадзяніна — дакумент сусв.-гіст. значэння; да канца 1789 нацыяналізаваў царк. землі, увёў цывільны шлюб, падзяліў краіну на дэпартаменты замест ранейшых правінцый; 19.6.1790 скасаваў падзел на саслоўі; 3.9.1791 прыняў Канстытуцыю Францыі, паводле якой саступіў уладу выбранаму ў вер. 1791 Заканад. сходу. Продаж канфіскаваных эмігранцкіх і царк. маёмасцей прывёў да пераразмеркавання ўласнасці на карысць буйной буржуазіі. У 1791—92 асн. паліт. барацьба адбывалася паміж фельянамі — прыхільнікамі канстытуцыйнай манархіі, і жырандыстамі, якія выступалі за ліквідацыю або моцнае абмежаванне каралеўскай улады. 20.4.1792 Францыя абвясціла вайну Аўстрыі (за падтрымку контррэв. эмігрантаў-раялістаў), да якой неўзабаве далучыліся Прусія і Сардзінскае каралеўства, а ў 1793 — Вялікабрытанія, Нідэрланды, Іспанія і інш. краіны, якія ўтварылі антыфранц. кааліцыю. У выніку паўстання 10.8.1792, узначаленага Парыжскай камунай 1789—94, манархія была звергнута; паліт. кіраўніцтва перайшло да жырандыстаў. Ім супрацьстаялі якабінцы (лідэры М.М.І.Рабесп’ер, Ж.П.Марат, Ж.Ж.Дантон і інш.), якія імкнуліся да паглыблення рэвалюцыі ў інтарэсах сярэдняй і дробнай буржуазіі, сялян і гар. нізоў.
22.9.1792 Францыя абвешчана рэспублікай. 21.1.1793 паводле прыгавору Канвента (вышэйшы заканад. і выканаўчы орган, выбраны ў вер. 1792 на аснове шырокага выбарчага права) пакараны смерцю (гільяцінаваны) б. кароль Людовік XVI, якога абвінавацілі ў дзярж. здрадзе. Паўстанне 31.5—2.6.1793 прывяло да ўстанаўлення якабінскай дыктатуры. Ролю ўрада якабінцаў выконваў К-т грамадскага выратавання на чале з Дантонам, потым Рабесп’ерам. Шляхам мабілізацыі ўсіх сіл народа к-т забяспечыў перамогу над арміямі феад.-манарх. дзяржаў (да канца чэрв. 1794), радыкальна вырашыў агр. пытанне (у чэрв.-ліп. 1793 скасаваны без выкупу феад. павіннасці сялян, ім перададзены абшчынныя і эмігранцкія землі), абмежаваў рост спажывецкіх цэн і заработнай платы (сістэма «максімумаў»), прыняў дэмакр. Канстытуцыю 1793 (не здзейснена), падавіў мяцяжы манархістаў і жырандыстаў, дамогся пералому ў ходзе вандэйскіх войнаў, 5.10.1793 увёў рэспубліканскі каляндар. Сац. базу кіруючай якабінскай групоўкі на чале з Рабесп’ерам падарвалі жорсткая рэгламентацыя (насуперак прынцыпам лібералізму) эканам., грамадскага і прыватнага жыцця, і асабліва правядзенне ёю масавага тэрору (гл. Рэвалюцыйны трыбунал), ахвярамі якога сталі не толькі актыўныя контррэвалюцыянеры-арыстакраты, але паліт. праціўнікі якабінцаў з ліку жырандыстаў і фельянаў, члены апазіц. груповак сярод саміх якабінцаў (радыкалы Ж.Р.Эбера, «памяркоўныя» Дантона), тысячы парушальнікаў законаў аб «максімуме» і невінаватых людзей.
У выніку тэрмідарыянскага перавароту 27—28.7.1794 Рабесп’ер і яго прыхільнікі былі пакараны смерцю, улада перайшла да больш памяркоўных прадстаўнікоў буржуазіі, якія імкнуліся абараніць інтарэсы новай эліты, што сфарміравалася і разбагацела за гады рэвалюцыі. Тэрмідарыянцы разагналі Якабінскі клуб і Парыжскую камуну, увялі свабодныя цэны, аддзялілі царкву ад дзяржавы (вер. 1794), прынялі Канстытуцыю 1795, паводле якой колькасць выбаршчыкаў значна скарачалася, замест Канвента ствараліся двухпалатны Заканад. сход (Савет пяціста і Савет старэйшын) і вышэйшы выканаўча-распарадчы орган Дырэкторыя. Дырэкторыя працягвала палітыку канфіскацыі і распродажу эмігранцкіх маёмасцей, у 1795 падавіла ўзбр. выступленні манархістаў (у Парыжы і на п-ве Кіброн), у 1796 — «змову роўных» Ф.Н.Бабёфа, вяла агрэсіўную знешнюю палітыку. Але з-за цяжкага эканам. становішча ўнутрыпаліт. пазіцыі Дырэкторыі былі нетрывалыя, і яна вымушана лавіравала паміж манархістамі і прыхільнікамі якабінцаў («палітыка арэляў»). Пасля шэрагу ваен. няўдач у Італіі (гл. Італьянскі паход Суворава 1799), Егіпце (гл. Егіпецкая экспедыцыя 1798—1801) і Германіі Дырэкторыя 10.11.1799 была скінута ў выніку ваен. перавароту (гл. Васемнаццатага брумера) ген. Н.Банапартам (гл. Напалеон I), які ўсталяваў асабістую дыктатуру ў форме Консульства. Гэтыя падзеі лічацца канцом Ф.р. 1789—99, якая значна паўплывала на развіццё дэмакр. працэсаў у многіх краінах Еўропы, у т. л. ў Рэчы Паспалітай, у склад якой да 1793—95 уваходзіла б.ч. Беларусі (гл. Канстытуцыя 3 мая 1791, Паўстанне 1794).
Кр.: Документы истории Великой французской революции. Т. 1—2. М., 1990—92.
Літ.:
Жорес Ж. Социалистическая история французской революции: Пер. с фр. Т. 1-6. М., 1976—83;
Манфред А.З. Великая французская революция. М., 1983;
Адо А.В. Крестьяне и Великая французская революция: Крестьянское движение в 1789—1794 гг. 2 изд. М., 1987;
Французская революция XVIII в.: Экономика, политика, идеология. М., 1988;
Ревуненков В.Г. Очерки по истории Великой французской революции, 1789—1814. 3 изд. СПС 1996;
Карлейль Т. Французская революция: История: Пер. с англ. М., 1991;
Матьез А. Французская революция: Пер. с фр. Ростов н/Д, 1995;
Великая французская буржуазная революция: Указ. рус. и сов. лит. М., 1987.
П.А.Тупік.
т. 16, с. 461